Людміла Шлег
Людміла Карпаўна Шлег
21.09.1948 - … Беларуская кампазітарка і мастачка.
1948
Нарадзілася ў г.Баранавічы.
Скончыла музычную школу і вучылішча. На яе далейшы інтарэс да фальклору паўплываў творчы дух выдатнага хормайстра Генадзя Цітовіча.
1972
Скончыла Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе кампазіцыі М.Аладава і Д.Смольскага. Працавала выкладчыцай кампазіцыі ў Мінскай дзіцячай музычнай школе № 2 (цяпер імя Аладава).
1974
Уступіла ў Саюз кампазітараў БССР. Стала адной з першых жанчын-кампазітарак у Беларусі, якая дзякуючы цвёрдаму характару актыўна змагалася з тагачасным перадузятым стаўленнем да жанчын у прафесіі. У гэтыя гады сфарміраваўся яе адметны стыль (сінтэз «старога» і «новага»), заснаваны на беларускай архаіцы, паганскіх абрадах і харавой музыцы.
Пасля 1974
Скончыла асістэнтуру-стажыроўку пры Ленінградскай кансерваторыі імя М.А.Рымскага-Корсакава ў класе выдатнага кампазітара С.Слонімскага.
Творчыя інтарэсы зрушваюцца ў бок рэлігійнай і духоўнай музыкі, пеўчых традыцый праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Паралельна яна атрымлівае мастацкую адукацыю па спецыяльнасці «станковы жывапіс і графіка» ў Маскоўскім інстытуце імя Крупскай і прыходзіць да іканапісу. За вялікі ўклад у развіццё царкоўна-пеўчай культуры ўдастойваецца прэміі «За духоўнае адраджэнне».
Пасля смерці бацькі пераязджае з Мінска ў Брэст. Працягвае пісаць «ціхую» харавую музыку (пераважна на царкоўныя і біблейскія тэксты). Вядзе закрыты лад жыцця, аднак праводзіць творчыя сустрэчы са студэнтамі Брэсцкага музычнага каледжа.
Творы Людмілы Шлег (асабліва харавыя сачыненні і музыка для цымбалаў) застаюцца неад’емнай часткай аблічча беларускага музычнага мастацтва. Яе музыка пастаянна выконваецца, а студэнты Беларускай акадэміі музыкі пішуць па яе творчасці дыпломныя працы.
Я пішу ціхую харавую музыку — гэта свет змястоўнай цішыні.
<…> У музыцы павінна быць тры чвэрці неба, астатняе — зямное».
Выбраныя творы ўключаюць:
- Несцерка, сімфанічная паэма, 1971
- Лубок, харавая сюіта, 1974
- Трава-мурава, кантата, 1979
- Благаславі, душа мая, 1991
- Сказ пра Ігара (араторыя, Я.Купала: «Слова пра паход Ігараў»), дыктар, хор, орган, 1991
- 12 спеваў пра беларускіх святых, 1994