Вячаслаў Селях-Качанскі
Вячаслаў Антонавіч Селях (Селях-Качанскі)
1885–1976 гг. Беларускі оперны спявак (драматычны бас-барытон), музычна-драматычны і тэатральны дзеяч, рэгент, кампазітар.
1885
25 снежня нарадзіўся ў г. Лагойску Мінскай губерні.
1905
Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю.
1907
Працаваў настаўнікам у Лібаўскай (Ліепайскай) чыгуначнай царкоўна-прыходскай школе.
1907-1910
Cлужыў псаломшчыкам у Нова-Лібаўскай Аляксееўскай царкве.
1910-1915
Вучоба у оперным класе Пецярбургскай кансерваторыі.
1913
Падчас вучобы пачаў выступаць у якасці артыста тэатра «Музычнай драмы».
В. Селях артыст тэатра “Музычнай драмы”. 1914.
1915
Пасля заканчэння Пецярбургскай кансерваторыі стаў салістам Марыінскага тэатра. Прайшоў конкурсны адбор сярод 300 прэтэндэнтаў, у выніку якога былі выбраны толькі два выканаўцы. Яго дэбют у оперы Аляксандра Барадзіна «Князь Ігар» быў паспяховым. У Марыінскім тэатры выконваў партыі Ганца ў оперы «Казка пра цара Салтана», Барыса Гадунова ў аднайменнай оперы, Шаклавітага ў «Хаваншчыне» М. Мусаргскага, Ігара ў «Князі Ігары», Грыгорыя Гразнога ў «Царскай нявесце» і інш. Спяваў сумесна з Ф. Шаляпіным.
1916
Адначасова працаваў у Александрынскім тэатры.
1921–1923
Выступаў у Варонежы, дзе ўдзельнічаў у оперных пастаноўках і канцэртах, а таксама кіраваў опернай трупай падчас гастроляў.
1924
Пераехаў у Мінск, дзе ўзначаліў музычную падсекцыю Інбелкульта і стаў выкладчыкам опернага і харавога класаў Беларускага музычнага тэхнікума. Сярод яго вучняў былі Пігулеўскі, Няборская, Ашкіназі, Т.Баначыч і Архіпаў. Некаторы час у яго вучылася вакалу Л.Александроўская.
1926
Арганізаваў Беларускі студыйны хор, які ў 1928 годзе быў рэарганізаваны ў Беларускую дзяржаўную капэлу (цяпер Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Беларусі).
Прэзідыум Мастацкай секцыі Інбелкульта. 1926.
Злева направа: сядзяць К. С. Серада, Юльян Дрэйзін, Язэп Дыла, Антон Грыневіч, Мікалай Шчакаціхін,
стаяць Мікалай Красінскі, Паўліна Мядзёлка, Вячаслаў Селях, Фларыян Ждановіч.
1927
Стаў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага тэатра першага (БДТ-1). 14–15 мая выступіў галоўным рэжысёрам і выканаўцам ролі Млынара ў пастаноўцы оперы А.Даргамыжскага «Русалка» — першай пастаноўцы гэтай оперы на беларускай мове.
Пазней быў зняты з пасады дырэктара па абвінавачванні ў «нацдэмаўшчыне».
1930
Стаў дырэктарам Беларускага тэатральнага тэхнікума і загадчыкам Беларускіх драматычных курсаў.
1933
Пераехаў у Ленінград, дзе працаваў намеснікам дырэктара Опернай студыі імя М.Рымскага-Корсакава і рэжысёрам Вандроўнай оперы Усерасійскага тэатральнага таварыства.
Есць звесткі пра рэпрэсіі ў дачыненні да Селяха-Качанскага (абставіны гэтых падзей патрабуюць дадатковага ўдакладнення).
1937
Працаваў ва Украіне.
1943
У чэрвені вярнуўся на радзіму. Узначаліў аддзел мастацтва Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) і аддзел культуры і мастацтва Беларускай народнай самапомачы. Адначасова быў кіраўніком і галоўным рэжысёрам Мінскага гарадскога тэатра. Разам з Тодарам Лебядой паставіў яго п’есу «Загубленае жыццё».
1944
Пасля ад’езду ў Германію працягнуў культурна-асветніцкую дзейнасць сярод беларусаў-эмігрантаў. Разам з М.Равенскім стварыў канцэртна-эстрадную групу пры прапагандысцкай установе «Вінета». Таксама з яго імем звязваецца арганізацыя тэатральна-мастацкай групы «Жыве Беларусь», якая выступала ў беларускіх эмігранцкіх асяродках.
1945–1949. У пасляваенны час займаўся арганізацыяй беларускіх музычных калектываў у лагерах для перамешчаных асоб у Германіі. У лагеры Міхельсдорф стварыў беларускі хор, які выступаў з канцэртамі ў розных гарадах. Паводле даследаванняў беларускай музычнай эміграцыі, хор запісаў 28 беларускіх песень, а гуказапісы былі перададзеныя ў архіў ААН. Калектыў лічыўся адным з вядомых беларускіх харавых калектываў у Амерыканскай зоне акупацыі Германіі.
1950
Пераехаў у ЗША і пасяліўся ў Саўт-Рыверы, штат Нью-Джэрсі. Займаўся арганізацыяй харавых і тэатральных калектываў, ладзіў канцэрты і спектаклі, актыўна ўдзельнічаў у культурным жыцці беларускай эміграцыі.
1954–1956
Працаваў рэгентам хору Праваслаўнай царквы ў горадзе Элізабэт, штат Нью-Джэрсі, а таксама кіраваў беларускім хорам у Саўт-Рыверы.
У ЗША арганізуе беларускі тэатр і ставіць спектаклі. Стварае беларускі хор, з якім шмат гастралюе і запісвае кружэлкі. Піша духоўную музыку (антыфоны), зборнік быў выдадзены ў Лондане (1956). Гарманізуе беларускія народныя песні і складае зборнік.
Хор у Саўт-Рывер, Нью-Джэрсі пад кiраўнiцтвам народнага артыста В.Селях-Качанскага.
1976
8 жніўня памёр у г. Саўт-Рывер, штат Нью-Джэрсі, ЗША.
Творчасць
Вячаслаў Селях-Качанскі быў не толькі оперным спеваком і тэатральным рэжысёрам, але і кампазітарам.
Аўтар твораў царкоўнай музыкі, харавых кампазіцый і песень на вершы беларускіх паэтаў.
З яго імем звязваецца музыка да песні «Люблю наш край» на словы Канстанцыі Буйло (хоць у крыніцах сустракаюцца розныя звесткі пра яе аўтарства).
Усё сваё жыццё Селях-Качанскi жыве музыкай: арганізоўвае беларускія хоры і тэатральныя калектывы, апрацоўвае беларускія песні, навучае моладзь.
Да самай смерці ён душой і сэрцам заставаўся з Беларуссю.