Мікола Равенскі
Мікола (Мікалай Якаўлевіч) Равенскі
1886–1953 гг. Беларускі кампазітар, дырыжор, музычны крытык.
5 снежня 1886
Нарадзiўся ў маёнтку Капланцы Ігуменскага павета (цяпер Бярэзінскі раён Мінскай вобласці) ў беднай шматдзетнай сям’і садоўнiка Якуба.
1891
Пачаў спяваць ў царкоўным хоры, валодаючы вельмі добра дзяцінным голасам, музычным слыхам і здольнасцямі.
З 1893
Наведваў вясковую школу.
1895—1903
Быў прыняты ў Менскі архірэйскі хор, дзе і атрымаў агульную пачатковую музычную адукацыю.
1903
Накіраваны ў Менскі мужчынскі манастыр у якасці дырыгента хору.
1905
Працаваў ў Наваградку дырыгентам царкоўнага хору, выкладчыкам спеваў і музыкі ў школах. Збіраў народныя песні Навагрудчыны (архіў загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны).
1913(12?)—1915(14?)
Вучыўся на трохгадовых рэгенцкіх курсах у Маскве і Пецярбургу.
1914
Вымушаны пакінуць Наваградак у сувязі з Першай сусветнай вайной і эвакуацыяй.
1915
Як уцякач працаваў ў вайсковым будаўніцтве ў якасці канторшчыка, а ў далейшым − на пасадзе загадчыка будаўнічымі складамі.
1917
Выкладаў спевы і музыку ў школах ў г.Ігумене (цяпер Чэрвень).
1919
Працаваў ў Менску як дырыгент царкоўнага хору пры Кяцярынінскім Саборы і адначасова выкладчык спеваў і музыкі ў школах.
1920
Па запросу ад Беларускага Работніцкага Клубу арганізаваў i працаваў ў беларускім хоры. Сумесна з Уладзімірам Галубком ставіў сістэматычныя паказы i канцэрты. (Загадчыкам клубу быў родны брат МР, які як нацдэм загінуў у 1937 годзе ў Менскім НКВД).
1921
Удзельнічаў у экспедыцыі, арганізаванай Інстытутам беларускай культуры для збору народных песень на Случчыне.
1922
Выходзіць з друку першы зборнік песень − народных апрацовак і собскіх твораў на вершы беларускіх паэтаў. Напісаў музыку на словы Дуніна-Марцінкевіча «Залёты» (апэрэта, якая загінула), і кантату для хору «Курган» Канстанцыі Буйлы.
1922
Масавы арышт беларускай інтэлігенцыi (напрыклад, Галубка, Лёсіка, Іллючонка, Ляжневіча, Калевіча i шмат іншых, пераважна чыгуначнікаў). Нейкім цудам МР застаецца, хоць ягоная кампазіцыя «Ліпнёвы гімн» на словы Дубоўкі партыйцамі была акрэсленая як «нацдэмаўская». «Зразумела, гэты арышт не абмінуў гэтаксама й мяне», − пiсаў МР ў сваiх успамiнах.
1923
Прыняў абавязкі хормайстра ў Менскім Гарадскім тэатры i быў накiраваны ад Наркамату Асветы накіраванне ў Маскву для атрымання вышэйшае музычнае асветы. Там ён падтрымліваў цесную сувязь з беларускім асяродкам, асабліва з Уладзімірам Дубоўкам, які значна паўплываў на яго творчасць.
1924—1930
З’яўляўся сябрам-карэспандэнтам Беларускай Акадэміі Навук.
1927
Скончыў маскоўскi музычны тэхнікум імя В. В. Стасава I паступiў ў кансэрваторыю. За час навукаў у Маскоўскай кансэрваторыі напісаў: 22 фугі для фартэпіяна, з іх 2 дзвюхгалосныя, 5 − трохгалосных, 11 − чатырохгалосных і адна васьмігалосная для выканання на драўляных музычных інструментах (флейта, габой, клярнэт і фагот); кантату для хору, салістаў і сімфанічнага аркестра на словы Янкі Купалы; харавыя творы ў малой форме, апрацоўкі беларускіх народных песень для хору i сольных выкананняў. “Ліпнёвы гімн” на словы Ул.Дубоўкі, фортэпіянная прэлюдыя. Супрацоўнічаў у часопісе «Узвышша»: два музычна-крытычныя артыкулы. На словы Ул.Дубоўкі напісаў вялікі хор “О Беларусь, мая шыпшына” (партытура загінула ў 1942 г., узноўлена на эміграцыі).
З 1929
Працаваў супольна з Ул.Дубоўкам над опэрай «Браніслава”. (у 1930 годзе опэра канфіскаваная)
1930
Скончыў Маскоўскую кансерваторыю i па адкліканню ад Наркамату Асветы пераехаў на музычную працу ў Менск. Выкладаў ў Менскiм музычным тэхнікуме, а пазней ў новазакладзенай Беларускай кансерваторыі. Выконваў абавязкі загадчыка навуковай часткі Музычнага тэхнікуму.
З вялікіх формаў была напісаная музыка для смычковага квартэту i сюіта, пабудаваныя на беларускіх народных матывах, шэраг масавых і харавых песень. Большасць дробных рэчаў i фартэпіянная прэлюдыя была выдадзеная ў Менску Беларускім Дзяржаўным Выдавецтвам.
Летнія месяцы скарыстоўваў на паездкі па вёсках для запісу народных песень.
З МР, які выкладае ў Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі кампазыцыю й гармонію, пакідаюць вітацца калегі.
У 1938
годзе выключаны з Саюза кампазітараў БССР. Яго папярэджваюць пра хуткае высяленне з кватэры.
Верасень 1940
Пераезд ў Магілёў ў спробе ухіліцца ад «бесьперапыннага перасьледаваньня за нацдэмаўшчыну».
1941
Вяртаецца ў Менск.
1943
Пераезд з Менску ў Чэрвень. Падчас нацысцкай акупацыі рэгент царкоўнага хору. Стварыў пры мясцовым клубе вялікі змешаны хор, жаноцкі ансамбаль і драматычны гурток.
Пiша музыку на царкоўныя малітвы. Тут жа напісана зноў музыка першага i другога актаў аперэты “Залёты”.
1944
Пераязджае ў Менск, дзе здае два акты аперэты “Залёты” ў аддзел мастацтва пры БЦР. Заканчвае i трэці акт.
1944
Эміграцыя ў Нямеччыну. У лагеры для перамешчаных асоб кіраваў хорам, арганізаваў шырокавядомы сярод эмігрантаў Беларускі жаночы ансамбль пры драматычнай групе “Жыве Беларусь”.
Працаваў настаўнікам спеваў у Беларускай Гімназіі імя Янкі Купалы i ў беларускай гімназіі ў Остэргофене. Быў рэгентам хору ў праваслаўнай парафіі Святой Эўфрасінні Полацкай.
Увесь музычны матэрыял, які знаходзіўся ў музычным аддзеле, быў вывезены, але першы акт аперэты загінуў па дарозе. Такім чынам, і паўторная праца над аперэтай апынулася дарэмнай. Прыгатаваны да друку зборнік беларускіх народных песень і ўласных твораў на словы беларускіх паэтаў, які складаўся з 75 нумароў, загінуў у друкарні ад пажару ў Берліне.
1945—1946
У Рэгенсбургу узнаўляе музыку, якая загінула ад пажару ў Менску − вялікі харавы твор на словы Ул.Дубоўкі “О Беларусь, мая шыпшына”, арыі Браніславы з опэры “Браніслава” i “Ноч над Менскам”, абедзве на словы Ул.Дубоўкі.
1947
Піша фантазію для скрыпкі i фартэпіяна на беларускія народныя тэмы. Напісана скарочаная тэорыя музыкі для самаадукацыі.
1947
Напісана музыка на словы Н.Арсенневай “Магутны Божа”.
1948
Музычна аформленыя п’есы “Пінская шляхта”, “Нечаканыя заручыны” i “Вясёлы майстра”. Апрацаваныя шэраг народных беларускіх песень для хору і ансамблю.
1950
Пераязджае ў Бельгію. Запрошаны у Лёвенскі універсітэт, дзе стварыў студэнцкі ансамбль беларускай музыкі, выступаў з iм ў Бельгіі, Францыі і Нямеччыне, запісаў грамафонныя кружэлкі з беларускімі свецкімі і рэлігійнымі песнямі. Супрацоўнічаў з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва.
Напісана “Grand Suite” для фартэпіяна на беларускія народныя тэмы, трохгалосная фуга для фартэпіяна “На выгнаньні”, хор для мужчынскага ансамблю “Слуцкія ткачыхі” з сола барытона ў суправаджэнні ансамблю i фартэпіяна, “Чаму-ж мне ня пець” у шырокай распрацоўцы, таксама ў суправаджэнні фартэпіяна, і песні “Мароз”, “Свадзьба камара”, “Ой, на моры зялёным”, “Вечарком за рэчкаю”, “Паласа”, “Хмель лугамі”, “Вярба”, “Халімон”, “Бабка”, “Ой, вяду бяду”, “Пагоня” − усе ў суправаджэнні фартэпіяна.
Напісана дзве оды для мужчынскіх галасоў, беларуская калыханка для жаночага квартэту i фартэпіяна, “Мой родны кут” − дуэт для жаночых галасоў з фартэпіяна, апрацаваны для хору шэраг беларускіх народных песень, малых харавых твораў, скаўцкіх і для жаночага ансамблю.
Распрацаваны народныя песні: “Ты, чырвоная каліна”, “Дарагая мне староначка”, “Песьня бабыля”, зроблена шмат іншых апрацовак, усе ў саправаджэнні фартэпіяна. Узноўлена з апэрэты “Залёты” песня Сабковіча “Маю грошы, маю я…”. Апрацавана народная песня для сольнага выканання з фартэпіяна “Чалавек жонку б’е, бічуе”. Для акардэона распрацавана музыка “Лявоніхі”, “Крыжачка”, “Мяцеліцы” i дзве беларускія полькі.
1951
Напісаны вялікі твор на беларускія народныя тэмы пад назвай “L’exil”. Сабрана 270 нумароў беларускіх народных песень. Падрыхтаваны да выдання зборнік беларускіх народных песень, які складаецца з 80 нумароў.
Апрача гэтага, на працягу гадоў ствараў царкоўную музыку: два нумары “Иже херувимы”, “Благослови душе моя Господа”, “Во царствии Твоем”, “Милость Мира”, “Верую” для хору i сола барытона, “Отче Наш”, “Достойно есть”, “Хвалите Господа”, “Многолетие”, екценні: вялікая, сугубая i прасіцельная − і невялікі канцэрт “Слава в вышних Богу».
9 сакавіка 1953
Памёр ад раку.
На яго магіле ў Лювэне (Лёвене) — помнік работы беларускага скульптара Міхася Наўмовіча з Парыжа, таблічка з гербам «Пагоня» і пліта з нотамі гімна «Магутны Божа».
(На першым фота - першапачатковы выгляд помнiка)
Абставіны жыцця кампазітара занадта часта складаліся супраць яго — ягоныя музычныя творы гінулі на пажарах, пры пераездах з краіны ў краіну, назаўсёды знікалі ў кіпцюрах ГПУ...
Ён спрабаваў змагацца з лёсам, аднаўляў страчаную музыку па памяці — але часам толькі для таго, каб страціць яе яшчэ раз. У допісе Алеся Карповіча «Бэрлінская Баляда» апавядаецца пра яшчэ адно падобнае здарэнне з музычным творам Міколы Равенскага:
«І якраз у гэты час (пры самым канцы Другой сусьветнай вайны) кампазытар закончыў новы твор — “Баляду на беларускую тэму для скрыпкі й фартэп’яну”. Мне, як і кожнаму, хто яго чуў, падабаўся гэты твор — цёплая, лірычная мэлёдыя, сардэчнасьць і глыбіня пачуцьцяў гучэлі ў “Балядзе”, і мы з Равенскім шмат разоў пераігрывалі яе.У вадну із студзеньскіх нядзеляў (здаецца, гэта было Вадохрышча) курсанты Батальёну ладзілі сяброўскую вечарыну. Выступаў хор, дэкляматары, паасобныя сьпевакі; атмасфэра была вельмі цёплая й прыемная, і навет пара алярмаў, у часе якіх праграма перарывалася, а выканаўцы з слухачамі адседжваліся ў бамбасховішчах, не маглі абнізіць настрою. На гэтай вечарыне і хацеў Мікола Равенскі ўпершыню выканаць сваю “Баляду”. Ён дасканала падрыхтаваў яе, што патрабавала многа высілкаў зь ягонага боку, бо “Баляда” тэхнічна была даволі складаная. Аднак зусім непрадугледжаны выпадак не дазволіў прагучэць гэтаму твору. Якраз у той момант, калі кампазытар ішоў із скрыпкаю да імправізаванай эстрады, скрыпка высьлізнулася зь ягоных рук, упала на падлогу і пры гэтым так няўдала, што грыф зусім адпаў ад корпусу. Нажаль, дастаць іншую йскрыпку ў гэных умовах было немагчыма, і “Балядa” так і засталася нявыкананай… Празь нейкі час Равенскі разам з рукапісам ужо падрыхтаванага зборніка беларускіх песень аддаў у друкарню й манускрыпт “Баляды”. Але пажар у часе аднаго з бамбардаваньняў зьнішчыў разам з друкарняй і зборнік, і гэтую нешчасьлівую “Баляду”…Пазьней, колькі разоў Мікола Равенскі варочаўся да думкі адтварыць “Баляду” з памяці — чаго яна, безумоўна, была вартая — але заўсёды нейкія іншыя творчыя пляны адсоўвалі яе з “парадку дня”. Частка музыкі з “Баляды” была выкарыстаная Равенскім у ягонай “Фантазіі” для скрыпкі, але жаданьне цалкам адтварыць яе не пакідала кампазытара, і навет у часе нашага апошняга спатканьня ў Лювэне ён гаварыў аб гэтым. Але на гэты раз умяшалася бязьлітасная сьмерць. Бэрлінская “Баляда” Равенскага адгучэла разам зь ягоным жыцьцём…»
Кампазітар пераехаў у горад Лювэн з Нямеччыны ў чэрвені 1950 году, з верасня студэнцкі хор пачаў рэпетыцыі, а ў снежні ўжо даваў вялікія канцэрты. Усяго за тры месяцы напружаных рэпетыцый Равенскі здолеў стварыць з непадрыхтаваных аматараў амаль прафесійны калектыў. Графік выступаў хору быў вельмі шчыльны, а рэпертуар уражваў складанасцю і разнастайнасцю. Рэдка які канцэрт абыходзіўся без выкліку асобных твораў «на біс». Вось якую нататку пакінуў у дзённіку Васіль Шчэцька, апісваючы адзін з канцэртаў у лютым 1952 году:
«10.II.52. Ансамбль даваў канцэрт у College du Sacre Coeur у Брусэлі. Заля была вельмі дрэнная, але канцэрт удаўся надзвычайна. Людзей была поўная заля, й прыймалі нас із захапленьнем. Тры песьні былі выкліканыя на «біс»: «Ой, вяду бяду», «Бабка» й «Пагоня». Шмат было прыхільнікаў нашага мастацтва. Увесь канцэрт быў накручаны на ленту. Канфэрансье быў а. Робэрт. Ён прымяніў свае здольнасьці, каб паказаць БСЗ як адных з найлепшых у Бэльгіі, а сярод беларусаў як найбольш актыўных на эміграцыі. Перад канцэртам а. Робэрт даў кароткі нарыс, штo такое Беларусь і беларусы. Яго словы былі моцнымі й патрыятычнымі».
Да паведамлення пра канцэрт, які адбыўся 15 снежня 1952 году і «выпаў надзвычайна», то-бок, вельмі ўдаўся, ёсць прыпіска адным сказам: «Тут недзе праф. Равенскі занямог».
Хваробе таксама хапіла менш за тры месяцы, каб завяршыць сваю разбуральную працу — 9 сакавіка 1953 году жыццёвы шлях таленавітага кампазітара і хормайстра раптоўна абарваўся.
Мікола Равенскі быў сябрам Рады БНР у выгнанні, падтрымліваў сувязь з іншымі беларускімі дыяспарамі, у т.л. актыўна ліставаўся з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Дзейнасць кампазітара асвятляла газета Крывіцкага таварыства імя Францішка Скарыны ў Нью-Ёрку «Веда». На смерць Равенскага «Веда» змясціла некралог, у якім назвала яго высокаідэйным Крывічом.
Творы гэтага кампазітара
- Хвалі, душа мая, Госпада — Мікола Равенскі ( PDF , MP3 )
- Міласць міру — Мікола Равенскі ( PDF , MP3 )
- Ойча наш — Мікола Равенскі ( PDF , MP3 )
- Магутны Божа — Мікола Равенскі ( PDF , MP3 )