Аляксей Туранкоў

Аляксей Туранкоў

Аляксей Яўлампавіч Туранкоў
1886–1958 гг. Беларускі кампазітар, Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР

21 студзеня 1886
Нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу ў шматдзетнай сям’і дворніка.

1892
Пасля раптоўнай смерці бацькі трапіў у гарадскі прытулак для дзяцей-сірот.

1895
Накіраваны ў школу «салдацкіх дзяцей» пры армейскім палку. Вучыўся граць на духавых інструментах, скрыпцы і фартэпіяна. Спяваў у царкоўным хоры палкавой царквы.

1901–1904
Па рэкамендацыі рэгента вучыўся на курсах пры Імператарскай Прыдворнай пеўчай капэле. Вывучаў гармонію і контрапункт у А.Лядава, наведваў рэгенцкі курс М.Сакалова. Адначасова залічаны ў школу прапаршчыкаў.

1904–1909
Адбываў вайсковую павіннасць радавым салдатам.

1909–1911
Працаваў прыватным настаўнікам, спяваў у рэстаранах і царкоўных хорах. У гэты перыяд страціў усю сям’ю — маці і васьмярых братоў і сясцёр.

1911
Паступіў у Пецярбургскую кансерваторыю (клас А.Лядава), але быў вымушаны пакінуць яе праз галечу. Працаваў альтыстам у аркестры Паўлаўска пад кіраўніцтвам А.Глазунова. Пры падтрымцы апошняга зноў паступіў (з правам бясплатнага навучання) на кампазітарскае аддзяленне кансерваторыі.

1912
Пачаў публікавацца як царкоўны кампазітар.
Яго духоўныя творы (асабліва для мужчынскага хору) сталі шырока вядомымі.

1914
Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю. Быў мабілізаваны на фронт.

1914–1918
Падчас вайны працягваў пісаць царкоўную музыку. Служыў рэгентам мужчынскага хору ў стаўцы імператара Мікалая II у Магілёве.

“Романсы А.Е.Туренкова” з дароўным надпісам Р.Пуксту. Петраград. 1917.

1918
Дэмабілізаваўся і пасяліўся ў Гомелі. Абвянчаўся з дачкой рэгента Петрапаўлаўскага сабора Івана Фалькоўскага.

1918–1921
Адзін з заснавальнікаў музычнай школы і Народнай кансерваторыі ў Гомелі (пазней — Дзяржаўны музычны тэхнікум, сённяшні музычны каледж імя Сакалоўскага).
Працаваў у сімфанічным аркестры, кіраваў харамі, загадваў музычнай секцыяй аддзела народнай адукацыі.

1932
Стаў членам Саюза кампазітараў БССР (у 1944 г. страціў членства і аднавіў яго у 1955 г.).

Пасведчанне асобы члена Саюза савецкіх кампазітараў СССР. 1955 г.

1934
Пераехаў у Мінск. Працаваў артыстам аркестра радыёкамітэта і альтыстам у сімфанічным аркестры.

1938
Абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 1-га склікання.

Анатоль Багатыроў (за раялем) знаёміць калег са сваёй операй "У пушчах Палесся". Першы злева - Туранкоў. 1938 год.

1939
Пастаноўка оперы «Кветка шчасця» (лібрэта В. Барысевіч, П. Броўкі, П. Глебкі).

1940
Узнагароджаны Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, атрымаў званне Заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. Напісаў «Гімн сталінскай Канстытуцыі».

Чэрвень 1941
Пры спробе эвакуацыі трапіў пад абстрэл нямецкага дэсанта. Жонка загінула, сам быў паранены. Вярнуўся ў Мінск.

1942–1944
Працаваў у Выдавецтве школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі (Мінск) і выдавецтве К. Езавітава (Рыга). Супрацоўнічаў з акупацыйным радыё.

1943
Другі шлюб з Ксеніяй Якаўлеўнай Ваўчок.

22 ліпеня 1944
Арыштаваны ў Мінску за тое, што падчас няўдалай аперацыі па вываду кампазітара з горада да партызан быў схоплены і расстраляны сувязны партызанскага атрада.

23 чэрвеня 1945
Асуджаны пазасудовым органам НКУС як «памагаты акупантаў» на 10 гадоў лагераў і 5 гадоў паражэння ў правах з канфіскацыяй маёмасці.
Этапаваны ў ГУЛАГ, дзе ледзь не загінуў ад голаду.

1947–1954
Дакладная дата вызвалення спрэчная (паводле адных звестак — 1947, паводле іншых — жнівень 1954). Вярнуўся у Мінск, дзе працягваў займацца творчай дзейнасцю.

Песня “Радзіме” для змешанага хору а сареllа. Словы П.Броўкі. Аўтограф.

3 кастрычніка 1955
Амніставаны.

27 верасня 1958
Памёр у Мінску. Пахаваны на Вайсковых могілках.

21 кастрычніка 1959
Рэабілітаваны пасмяротна.

Помнік кампазітару на Вайсковых могілках у Мінску

Аляксей Туранкоў лічыцца адным з пачынальнікаў жанраў масавай песні, хору, раманса ў беларускай музыцы. За гады творчасці кампазітар напісаў больш за 600 твораў розных жанраў. Оперы «Кветка шчасця» (найбольш значны твор), «Яснае світанне». Балет «Лясная казка». Кінамузыка: «Вогненныя гады», «Сям’я Януш». Шматлікія рамансы, масавыя песні на вершы савецкіх і беларускіх паэтаў (Я. Купала, М. Танк і інш.), апрацоўкі народных песень. У дарэвалюцыйны час Туранкоў стварыў вялікую колькасць духоўных твораў (каля 300 царкоўных твораў і гарманізацый), якія ў савецкія гады былі забыты, а з 1990-х шырока ўвайшлі ў рэпертуар харавых калектываў.

Творы гэтага кампазітара